Новы бізнес сям’і Лукашэнкі на FM-хвалях


Прыватная фірма «Музычная частата», якой належаць станцыі «Супер FM» і радыё «Душевное», у верасні 2024 года збіраецца адкрыць трансляцыю новай хвалі радыё «Шансон». Але рэч у тым, што частка гэтай кампаніі – у руках беспасярэдне сямейнікаў Лукашэнкі ці набліжаных да асобаў, піша выданне «Бюро».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Крыніца: hi-tech.mail.ru

Паводле журналістаў выдання, 21 % кампаніі застаецца ва ўласнасці Рэспубліканскага культурна-асветніцкага цэнтру Кіраўніцтва справамі Лукашэнкі (канцэртавая зала «Менск»). Яшчэ 30 % валодае дзяржаўнае прадпрыемства «Дом друку», што належыць Міністэрству інфармацыі, а трымальнік 49 % – Музычная медыякампанія, у кіраўніцтве якой – Таццяна Кулакова, родная сястра Ганны Лукашэнкі, жонкі Дзмітрыя Лукашэнкі.

Ганна Лукашэнка піша песні пад псеўданімам Ганна Сялук для артыстаў медыяхолдынгу.

Сувязі сям’і Лукашэнкі з FM-бізнесам у Беларусі.
Фота: buromedia.io

У сваю чаргу Музычная медыякампанія, адзначаюць журналісты выдання, належыць Палацу рэспублікі Кіраўніцтва справамі Лукашэнкі (30 %) і прыватнай кампаніі «АНСЛ прадакшн» (70 %), кіруе якой адзін з падначаленых Дзмітрыя Лукашэнкі – Андрэй Урублеўскі (95 %). Журналісты дапускаюць, што Урублеўскі выконвае ў «АНСЛ прадакшн» функцыю намінальнага ўладальніка, сапраўдным жа ўладальнікам можа быць менавіта Ганна Лукашэнка, пра што можа ўскосна сведчыць абрэвіятура АНСЛ у назве кампаніі (АН – Анна па-расейску, СЛ – Сяргееўна Лукашэнка).

Цікавы факт: Гання Сялук нядаўна атрымала прэмію «Шансон года – 2024», заснавальнікам якой выступае расейская радыёстанцыя «Шансон», заснаваная сябрам Лукашэнкі, алігархам Міхаілам Гуцэрыевым.

У 2022 і 2023 гадах «АНСЛ прадакшн» амаль што не вяла ніякай дзейнасці, піша «Бюро», і скончыла фінансавыя гады са стратамі: у 2022-м – Br мінус 13 тысячаў, у 2023-м – мінус Br 67 тысячаў. Існавала кампанія за кошт крэдытаў. Пры гэтым, пішуць журналісты, на балансе «АНСЛ прадакшн» пад канец 2023 фінансавага года аказалася больш за паўтара мільёна рублёў. Гэтая сума пазначаная бухгалтэрыяй як «даходы будучых перыядаў».

Прыбыткі Музычнай медыякампаніі больш уражваюць. «У 2023 годзе выручка фірмы склала Br 6,5 мільёна, або крыху больш за 2 мільёны, – гэта ў 33,5 разу больш, чымся ў 2022-м. Чысты прыбытак кампаніі ў 2023 годзе дасягнуў амаль Br 1,5 мільёна, або 450 тысячаў, супраць Br 100 тысячаў прыбытку (больш як 36 тысячаў) за 2022 год», – піша выданне «Бюро».

Аб’ектыў
Якое дачыненне мае Лукашэнка да «найлепшага беларускага аўтара песень»?
2023.03.09 20:55

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў