Ціханоўская назвала медыі адзінай уладай, якую не змог падпарадкаваць Лукашэнка


Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская выступіла з заяваю з нагоды Дня свабоды прэсы, які адзначаюць 3 траўня. Паводле яе, незалежныя медыі адзіныя могуць абараніць звычайных беларусаў.

Святлана Ціханоўская.
Фота: Светлана Тихановская / Telegram

«Асвятленне праблемаў важнае для тых, хто сутыкаецца з абыякавасцю мясцовых уладаў. Калі структуры адмахваюцца ад зваротаў людзей, то СМІ і журналісты – адзіны спосаб прыцягнуць увагу да праблемы. Менавіта таму рэжым старанна знішчае «чацвёртую ўладу», бо першыя тры ён ужо падпарадкаваў сабе», – заявіла Святлана Ціханоўская.

Дэмакратычная лідарка адзначыла, што ў Беларусі больш за 30 журналістаў-палітвязняў, якія «незаконна застаюцца ў турме за тое, што сумленна і непрадузята выконвалі сваю працу».

Ціханоўская падзякавала журналістам, што, нягледзячы на складанасці, яны працягваюць «гаварыць праўду»:

«Калі на экранах у Беларусі амаль увесь эфірны час займае павестка рэжыму, вы даяце людзям магчымасць бачыць падзеі без хлусні і маніпуляцыяў. Дзякуючы вам беларусы і беларускі не засталіся сам-насам з прапагандай. Пакуль рэжым усталёўвае цэнзуру, яны працягваюць чытаць незалежныя медыя».

Ціханоўская заклікала падтрымліваць беларускія выданні і дзяліцца іх матэрыяламі, «калі гэта бяспечна», «бо рэжым не мае права ўказваць, як думаць беларусам».

Hавiны
Беларусь апусцілася яшчэ ніжэй у «Індэксе свабоды прэсы». Горш толькі ў 13 краінах
2024.05.03 07:00

Арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» апублікавала чарговы «Індэкс свабоды прэсы». Беларусь у ім на 167-м месцы са 180 – на 10 пазіцыяў ніжэй, чымся летась. У «Індэксе свабоды прэсы» 2024 года Беларусь паставілі паміж Саудаўскай Аравіяй і Кубаю. Свабоды прэсы ў Беларусі знайшлі менш, чымся ў такіх краінах, як Бангладэш, Азербайджан, Нікарагуа і Расея.

У Беларусі на момант публікацыі за кратамі не менш за 35 супрацоўнікаў медыяў – столькі налічыла Беларуская асацыяцыя журналістаў. Гэты спіс можа быць няпоўным: родныя шэрагу палітычных вязняў баяцца мець стасункі з журналістамі і праваабаронцамі.

Акрамя таго, доўгі спіс выданняў названы «экстрэмісцкімі фармаваннямі», а іх сайты і старонкі ў сацыяльных сетках – «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Сілавікі караюць некаторых беларусаў нават за каментары незалежным выданням і падабайкі пад допісамі са спасылкамі на «экстрэмістаў». Часам выходзіць нават «агонь па сваіх».

Hавiны
Статус тэрарыстаў і амаль 90 гадоў пакарання: рэпрэсіі супраць беларускіх журналістаў за год
2023.12.28 11:03

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў