Два дні запар літоўцы не фіксуюць парушэнняў мяжы з боку Беларусі


Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы паведаміла, што за мінулыя содні не зафіксавана ніводнай спробы парушыць мяжу з тэрыторыі Беларусі. Апошні раз суседзі злавілі там мігрантаў 1 траўня.

Літоўскі памежны пункт пропуску «Твярачус» (з беларускага боку – «Відзы») на мяжы з Беларуссю. 17 жніўня 2023 года.
Фота: Белсат

Агулам сёлета ў Літву з тэрыторыі Беларусі спрабавалі трапіць 185 нерэгулярных мігрантаў, а летась – 2 643.

За мінулыя содні, як і 2 траўня, такіх спробаў суседнія памежнікі не зафіксавалі.

1 траўня службоўцы не пусцілі ў Літву двух мігрантаў. Перад гэтым, з 27 красавіка, спробаў парушэння мяжы таксама не было.

У Латвіі, як у Літве, за мінулыя содні таксама нікога не давялося спыняць.

Аўтамабіль Памежнай аховы Польшчы, пашкоджаны камянямі, якія кідалі мігранты з тэрыторыі Беларусі. 21 красавіка 2024 года.
Фота: Straz_Graniczna / X.com

А вось штурм польскай мяжы з боку Беларусі працягваецца. Паводле апошніх на момант публікацыі звестак, 2 траўня Памежная ахова суседняй краіны не пусціла на сваю тэрыторыю 190 мігрантаў. Сёлета на адцінку, за які адказвае Падляскае аддзяленне ведамства (ад Горадні да Белавежскай пушчы) было ўжо 8,2 тысячы спробаў парушэння мяжы, з іх у красавіку – 5 300.

Раней міністр замежных справаў Польшчы Радослаў Сікорскі абвінаваціў асабіста Лукашэнку ў міграцыйным крызісе і назваў гэты ціск «гібрыдным уварваннем».

«Мы мусім выразна разумець, хто крыніца гэтай праблемы. Гэта Лукашэнка», – сказаў дыпламат.

Лукашэнка, паводле міністра, скасаваў візавы рэжым для шмат якіх краінаў, каб выпіхваць людзей, што адтуль едуць, у ЕЗ: «Беларускія службоўцы прымушаюць іх спрабаваць мінуць польскую, еўрапейскую мяжу».

Міграцыйны крызіс не сціхае з 2021 года. Цяперашнія ўлады ў Менску сцвярджаюць, што яны не вінаватыя, бо «Еўропа сама паклікала мігрантаў». Пры гэтым памежнікі не пераймаюцца, што іншаземцы парушаюць не толькі мяжу суседніх краінаў, але ўласна і беларускую.

Акрамя таго, уладаў не засмучае тое, што мігранты, якія едуць у ЕЗ за лепшым жыццём, не хочуць заставацца ў «стабільнай і квітнеючай» Беларусі.Польскія службы былі атакаваныя камянямі і галінамі, адзін афіцэр быў паранены.

Hавiны
Кіраўнік МЗС Польшчы абвінаваціў асабіста Лукашэнку ў міграцыйным крызісе на мяжы
2024.05.01 21:50

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў