Асуджанаму анархісту Дзмітрыю Разановічу дадалі 9 месяцаў зняволення паводле артыкула аб злосным непадпарадкаванні адміністрацыі калоніі (артыкул 411 КК), піша тэлеграм-канал «Права на паўстанне».
Калі адбыўся суд, не ўдакладняецца. Пра новую крымінальную справу супраць Дзмітрыя Разановіча стала вядома 30 студзеня. Аб падрабязнасцях абвінавачвання не паведамлялася.
Раней паведамлялася, што палітвязня, які адбывае пакаранне ў Івацэвіцкай калоніі № 22, змясцілі ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ) да сакавіка 2024 года.
Дзмітрыя неаднаразова кідалі ў ШІЗА, яго пагражалі перавесці на турэмны рэжым, а таксама пазбавілі спатканняў і перадачаў.
Нагадаем, Дзмітрыя Разановіча затрымалі ў канцы кастрычніка 2020 года. Яго, а таксама анархістаў Ігара Аліневіча, Дзмітрыя Дубоўскага і Сяргея Раманава абвінавацілі ў падпале аддзелу ДАІ ў Мазыры, будынку Дзяржаўнага камітэту судовых экспертызаў у Салігорску і аўтамабіляў каля будынку мясцовай пракуратуры ўвосень 2020 года. Ад гэтых дзеянняў ніхто не пацярпеў, але ўлады абвесцілі здарэнні тэрарыстычнымі актамі.
Менскі абласны суд 22 снежня 2021 года засудзіў Аліневіча і Раманава на 20 гадоў калоніі, Разановіча – на 19 гадоў калоніі, Дубоўскага – на 18 гадоў калоніі.
Артыкул за «зацятае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі» зараз шырока выкарыстоўваецца ў дачыненні да палітвязняў як спосаб не выпускаць іх з месцаў зняволення. Так, на Змітра Дашкевіча за два месяцы да вызвалення ў чарговы раз завялі новую справу, хоць ён мусіў выйсці на волю яшчэ ў ліпені 2023 года.
Адміністрацыя папраўчай калоніі № 2 г. Бабруйску ініцыявала супраць палітвязня Эдуарда Бабарыкі новую крымінальную справу ўсё па тым жа арт. 411 КК. Яму таксама могуць дадаць яшчэ адзін год зняволення да 8-гадовага тэрміну.
Ася Саковіч belsat.eu