«Белсат» падводзіць вынікі 802-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 5 траўня чытайце ў нашым аглядзе.
У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны паведамілі пра адбіццё 12 атак праціўніка за содні ў ваколіцах населеных пунктаў Сынькоўка, Пішчанае і Кіслоўка ў Харкаўскай вобласці, а таксама каля Стэльмахаўкі і Бераставога ў Луганскай.
Між тым аналітыкі праекту Deepstate гавораць, што войскі РФ захапілі суседняе ад Кіслоўкі сяло Катляроўка.
Пры гэтым расейскі ваенкор Сямён Пегаў сцвярджае, што і Кіслоўка ўжо занятая Узброенымі сіламі РФ.
Такім чынам расейцы паступова выціскаюць праціўніка з плацдарму на левым беразе ракі Аскіл.
Праўкраінскі тэлеграм-канал «Бахмутський Балу» адзначае, што агулам сітуацыя на купянскім кірунку застаецца цяжкай для сілаў абароны краіны.
У Міністэрстве абароны РФ заявілі, што самыя ўкраінцы шэсць разоў атакавалі каля Стэльмахаўкі, але поспеху не дасягнулі.
На ліманскім кірунку Збройныя сілы адбілі прынамсі дзевяць атак праціўніка на тэрыторыі Серабранскага лясніцтва і ў ваколіцах сяла Церны ў Луганскай і Данецкай вобласцях адпаведна.
У Deepstate пішуць, што самыя ЗСУ аднавілі кантроль над часткай пазіцыяў у так званай шэрай зоне на гэтых участках фронту.
На поўначы бахмуцкага кірунку войскі РФ наступаюць на выступе па фронце з поўдня ад ракі Северскі Данец – атакі фіксуюцца ў ваколіцах населеных пунктаў Белагораўка, Спірнае і Раздолаўка.
Пры гэтым асноўныя намаганні расейцаў па-ранейшаму засяроджаныя ў ваколіцах гораду Часаў Яр: яны ціснуць на мікрараён з усходу ад каналу Северскі Данец – Данбас, а таксама намагаюцца абысці населены пункт з паўночнага і паўднёвага флангаў.
Далей на поўдзень па лініі сутыкнення баявыя дзеянні лакалізуюцца каля сёлаў Іванаўскае і Клішчыеўка.
Разам з тым ніводная з крыніцаў не фіксуе зменаў па лініі сутыкнення на кірунку за апошнія содні.
На аўдзееўскім кірунку Генштаб ЗСУ адзначае 20 безвыніковых атак праціўніка каля сёлаў Новааляксандраўка, Сокал, Новапакроўскае і Уманскае.
У Deepstate пішуць, што пры гэтым расейцы прасунуліся ў бок Новапакроўскага, на ўсходзе ад Уманскага і з поўдня ад Первамайскага. Таксама аналітыкі фіксуюць выхад войскаў РФ на адміністрацыйныя межы захопленага сяла Ачэрэтына.
У Мінабароны РФ таксама прызналі свой поўны кантроль над гэтым населеным пунктам.
Акрамя гэтага ў ваенным ведамстве пішуць пра адбіццё контратак украінцаў па ўсёй лініі сутыкнення.
На навапаўлаўскім кірунку расейскія вайскоўцы паступова прасоўваюцца на тэрыторыі гораду Краснагораўка.
Прарасейскі тэлеграм-канал «Рыбарь» піша, што далей па лініі сутыкнення УС РФ маюць поспех у цэнтральнай частцы сяла Георгіеўка, а таксама з поўдня ад яго.
Акрамя таго, паводле крыніцы, яны выбілі сілы абароны Украіны з некалькіх пазіцыяў з поўдня ад суседняй Пабеды, але адзначаецца, што ЗСУ захоўваюць магчымасць атакаваць уздоўж трасы О0532.
Украінскае камандаванне паведамляе, што таксама цягам апошніх содняў праціўнік атакаваў у ваколіцах сёлаў Парасковіеўка і Вадзяное, але прасунуцца не здолеў.
На бярдзянскім кірунку баявыя дзеянні лакалізуюцца на так званым урэмеўскім выступе на мяжы Данецкай і Запарожскай вобласцяў.
Генштаб ЗСУ піша пра адбітыя атакі праціўніка каля сёлаў Ураджайнае, Старамаёрскае і Навадараўка.
У Deepstate адзначаюць, што расейцы нарошчваюць групоўку войскаў на гэтым участку фронту.
У цэнтральнай частцы Запарожскай вобласці сітуацыя застаецца нязменнай: баі ідуць на выступе па фронце з поўдня ад гораду Арэхаў, але істотных зменаў лініі сутыкнення не фіксуецца.
У Херсонскай вобласці расейцы цягам апошніх содняў не менш за 10 разоў атакавалі на левым беразе Дняпра, імкнучыся выбіць ЗСУ з займаных плацдармаў, але поспеху не дасягнулі.
Тым часам самыя ўкраінцы змаглі яшчэ расшырыць свой плацдарм у сяле Крынкі.
На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.
Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.
Наталля Кулыгіна belsat.eu