«Качанава раздражнёная тэмаю». Улады пастанавілі ігнараваць Матчын рух 328


Праект «MAYDAY TEAM» паведаміў, што ініцыятыву «Матчын рух 328», якая аб’ядноўвае сем’і асуджаных за наркотыкі, залучылі ў неабвешчаны чорны спіс, праз што стала немагчыма ствараць петыцыі. Акрамя таго, актывістам адмовілі ў сустрэчы са старшынёю Савету Рэспублікі Наталляй Качанавай, бо яна «раздражнёная тэмаю».

Старшыня Савету Рэспублікі Наталля Качанава каля будынку Палаты прадстаўнікоў. Менск, Беларусь. 30 ліпеня 2020 года.
Фота: Белсат

Пра тое, што грамадзянская ініцыятыва «Матчын рух 328» трапіла ў апалу, стала вядома, калі актывістам не дазволілі сустрэцца з кіраўніцаю Савету Рэспублікі Наталляй Качанавай. У сярэдзіне красавіка быў анансаваны асабісты прыём чыноўніцы ў Менску і Жлобіне. Актывісты здолелі запісацца.

«Спачатку ім зычліва сказалі, што заяўкі прынятыя і ім перазвоняць, каб удакладніць, колькі асобаў і ў які час прыйдуць на прыём. Аднак пазней неафіцыйна актывістам руху далі зразумець, што Наталля Качанава раздражнёная тэмаю», – паведамляе «MAYDAY TEAM».

Да актывістаў давялі, што ўлады больш не маюць намеру абмяркоўваць праблемы асуджаных за злачынствы, звязаныя з наркотыкамі. У выніку ад Качанавай не ператэлефанавалі і на сустрэчу з ёю не паклікалі.

Акрамя таго, Матчын рух 328 сутыкнуўся з немагчымасцю апублікаваць петыцыю на адмысловых старонках, бо атрымаў адмову ад мадэратараў, якія маюць чорны спіс забароненых тэмаў.

Матчын рух 328 змагаецца за змякчэнне пакарання за нарказлачынствы. Актывісты ўпэўненыя, што фігурантам такіх справаў даюць несувымерныя тэрміны, праз што тысячы маладзёнаў ва ўзросце з 14 гадоў трапілі ў калоніі ў сярэднім на 10 гадоў. Акрамя таго, ініцыятыва просіць амністыі для асуджаных паводле гэтых артыкулаў.

Артыкул 328 Крымінальнага кодэксу прадугледжвае, што за захоўванне, куплю, выраб і перавоз любой колькасці любога наркотыку без мэты збыту пагражае абмежаванне або пазбаўленне волі на тэрмін ад 2 да 5 гадоў. За тое ж самае, толькі з мэтаю збыту – ад 3 да 8 гадоў, прычым збытам лічыцца любое перадаванне наркотыку іншай асобе, нават не за грошы.

Калі ў справе будзе фігураваць «незаконны абарот наркотыкаў у буйным памеры» (напрыклад, для марыхуаны гэта 80 грамаў, а для гераіну – больш за 1 грам), то пасадзяць на тэрмін ад 6 да 15 гадоў.

Hавiны
Каго з зорак злавілі з наркотыкамі, і што ім за гэта было
2021.04.16 17:39

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў