У «Reuters» патлумачылі, дзе Украіне ўзяць сродкі для вайны: іх хопіць да 2028 года


Украіна атрымала ад ЗША жыццёва важную дапамогу памерам $ 61 мільярд, аднак ёй усё яшчэ патрэбны сярэднетэрміновы план фінансавання, каб супрацьстаяць націску Расеі, і цэнтральнае месца ў гэтым плане мае заняць прыцягненне расейскіх замарожаных актываў, мяркуе «Reuters».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія вайскоўцы.
Фота: Генеральний штаб ЗСУ / Facebook

Выданне зазначае, што ў спалучэнні з абавязкамі іншых краінаў апошні пакет дапамогі ЗША мае забяспечыць Кіеў прыкладна да канца наступнага года. Але ў канцы 2025-га ва Украіны зноў можа скончыцца зброя.

«Шматгадовы план фінансавання, наадварот, меў бы некалькі пераваг. Найперш ён забяспечыць пэўную страхоўку ад палітычных ваганняў ЗША. Акрамя таго, ён падняў бы маральны дух украінцаў і даў бы заходнім вытворцам зброі больш упэўненасці ў нарошчванні вытворчасці», – адзначае выданне.

Пры гэтым разлікі Уладзіміра Пуціна таксама могуць змяніцца, калі ён пастановіць, што Украіна здолее пратрымацца яшчэ шмат гадоў.

Паводле «Reuters», Украіна не здолее адваяваць шмат тэрыторыі назад, аднак у яе, магчыма, атрымаецца дамовіцца пра мір з больш моцнай пазіцыі – або замарозіць канфлікт, як Паўночная і Паўднёвая Карэя.

«Колькі Кіеву спатрэбіцца ў будучыні, залежыць ад таго, якую вайну ён будзе весці. Абарончая кампанія абыдзецца танней, чымся спроба выгнаць Расею з вялікіх тэрыторый. Але, улічваючы, што Крэмль нарошчвае свае ваенныя выдаткі, Украіне ў будучыні, верагодна, спатрэбіцца як мінімум столькі ж за год, колькі 88 мільярдаў, вылучаных яе саюзнікамі на 2023 год».

Выданне адзначае, што галоўны спосаб атрымаць больш грошай для Украіны – мабілізаваць замарожаныя на захадзе расейскія актывы на суму больш за $ 300 мільярдаў. Ідэі ўключаюць канфіскацыю актываў, выкарыстанне іх для падтрымання крэдыту, які заходнія краіны дадуць Украіне, або перадачу Кіеву адсоткаў, якія яны прыносяць.

Гэтак, калі заходнія краіны гарантуюць выплату адсоткаў па актывах на працягу дзесяці гадоў, яны змогуць сабраць 30–40 мільярдаў. Аднак гэта хоць і дапаможа, але не зменіць сітуацыі, бо дазволіць фінансаваць Украіну менш за паўгода.

«Аднак атрымаць для Кіева $ 320 мільярдаў – гэта зусім іншая рэч. Гэта дазволіць фінансаваць вайну як мінімум да канца 2028 года. Калі бакі, што ваююць, спыняць або замарозяць канфлікт да гэтага часу, Украіна зможа выкарыстоўваць частку грошай на аднаўленне сваёй эканомікі, якое, паводле Сусветнага банку, абыдзецца ў $ 486 мільярдаў».

Раней у адказ на вайну Расеі супраць Украіны ЗША ды іх саюзнікі заблакавалі каля $ 300 мільярдаў расейскіх актываў на Захадзе, хаця большая частка якіх застаецца ў еўрапейскіх, а не амерыканскіх фінансавых установах.

Палата прадстаўнікоў ЗША адобрыла законапраект аб канфіскацыі расейскіх актываў для Украіны. Вядома, што ў межах гэтай працэдуры яна можа атрымаць каля $ 8 мільярдаў.

Аналітыка
Замарожаныя расейскія актывы: ці наважыцца Захад аддаць грошы Украіне?
2024.03.22 06:00

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў