Калекцыя пратэсту: як уцякачкі з Беларусі шыюць дызайнерскае адзенне


Праект «Аблічча жаночага пратэсту» ўзнік стыхійна ў адной з кіеўскіх кватэраў для беларускіх уцекачоў. Так склалася, што ў адным месцы сустрэліся жанчыны, якія ўмеюць шыць, маляваць і разбіраюцца ў модзе. Мы распыталі іх пра асабістыя гісторыі і тое, чаму яны пастанавілі ўзяцца за прыгожыя сукенкі, калі ім выпала перажыць столькі складанасцяў.

Удзельніцы праекту «Жаночае аблічча пратэсту»: Iрына Хвайнiцкая, Ала Марцiновiч, Галiна Дрозд, Зоя Грушына.
Фота: ЯА / Белсат

Сапраўднае народнае мастацтва

Захапіла ідэяй каляжанак Ала Марціновіч. Яна мела мадэльную студыю ў Менску.

«Я прыехала сюды ў Кіеў з мэтаю працягваць рэвалюцыю, – кажа Ала. – Вядома, можна было абраць любую краіну, але Украіна блізкая духам пратэстаў пасля Майдану, і мы можам пераймаць досвед і камунікаваць з украінскаю моладдзю. Я таксама навучаюся, цяпер на курсах лідарак пратэсту, і маю пастаянную камунікацыю з украінскімі актывістамі. Калі я сюды прыехала, то адразу паглядзела, чым магу быць тут карысная».

Ала збірае матэрыялы для свайго YouTube-каналу, піша казкі, рыхтуе адукацыйны онлайн-праект і робіць шмат чаго іншага.

«Я сядзела ў турме не адзін раз. І калі да мяне ГУБАЗіК прыйшоў, я не пабегла. Вядома, гэта было непрыемна і страшна, калі да мяне прыходзілі, правяралі і пісалі лісты на працу, але як чалавек адказны, я разумела, што раней ці пазней мы ўсе сядзем. Я была гатовая сесці на два гады, бо падазравалі мяне ў вядзенні каналаў ды іншым, але доказаў не знайшлі, мяне выпусцілі. Відавочна, што адпусцілі мяне тады часова. І мне трэба было прымаць рашэнне: заставацца ў Беларусі і сесці ў турму ці прыехаць сюды і нешта рабіць. Я не ўцякала, а зарганізавала ўвесь працэс, сабрала торбы і проста выехала», – згадвае Ала Марціновіч.

Ідэю з калекцыяй сукенак Ала мела даўно, але пытанне было ў людзях, бо адной такі праект зрэалізаваць вельмі складана:

«Я дома вяла студыю, і там у мяне ёсць і мастакі, і дызайнеры, і сувязі. Калі я прыехала сюды, то стала знаёміцца з людзьмі і даведалася, што Зоя шые сцягі, Іра малюе. І мы аб’ядналіся паводле інтарэсаў, каб выдаць нейкі прадукт, гэта тое, што мне блізка. Спачатку мы зробім простую калекцыю, бо пакуль не маем суперзакройнікаў і тэхнікі».

Ала Марцiновiч (справа).
Фота: ЯА / Белсат

Ала называе іхныя творы сапраўдным народным мастацтвам, бо выкрайку рабілі з халата адной жанчыны, а мералі тканіну спачатку поясам, бо не адразу разжыліся метрам.

«Набылі патрыманую машынку – такая рэч у пратэставай гаспадарцы вельмі карысная. Тканіну разам ездзілі глядзець. У нас ёсць простыя людзі, і ўсё ідзе ад душы. Таму я і вырашыла пачаць з простай калекцыі: чырвоны і белы колеры, сімвалы, выявы, каб дзяўчаты выйшлі – і ўсе адразу зразумелі, што гэта», – прыгадвае Ала.

Рыштунак і тканіну ўдзельніцы праекту набываюць за свае грошы, таксама дапамагаюць суседзі з кватэры ды знаёмыя з супольных акцыяў.

«Хачу адзначыць з акалічнасцяў жыцця ў калівінгу: нас усе моцна падтрымліваюць і дапамагаюць. Тут сустракаецца вялікая колькасць людзей. Нехта едзе далей у Польшчу, нехта застаецца ва Украіне, людзі аб’ядноўваюцца, і вось тут можна збіраць каманды для сваіх рэвалюцыйных праектаў. І ў плане адаптацыі вельмі істотна, каб людзі разумелі, дзеля чаго яны ўсё кінулі на радзіме», – падкрэсліла Ала.

Мы і цяпер не здаемся

Ірына Хвайніцкая распісвае сукенкі вобразамі, якія можа пазнаць кожны ўдзельнік пратэсту ці той, хто больш-менш пільна за ім назірае. Ірыну на радзіме асудзілі нібыта за паклёп на Лукашэнку на 3 гады «хіміі», што вымусіла яе ўцякаць з краіны.

«У мяне праблемы са здароўем, я думала, што проста фізічна гэтага не вытрываю, – прызнаецца яна, але цяпер ні на што не наракае і распавядае пра свае выпрабаванні з усмешкаю. – Мне столькі людзей дапамагало. Я не шкадую пра тое, што са мной адбылося, бо ўсе абставіны склаліся так, каб я памяняла сваё жыццё, пазнаёмілася са шмат якімі выбітнымі асобамі, усім вельмі ўдзячная».

Ірына Хвайніцкая разглядае адну з апошніх мадэляў ад групы «Жаночае аблічча пратэсту».
Фота: ЯА / Белсат

Ірына распавяла, што шукае натхнення ў фотаздымках з маршаў і пратэстаў, потым камандай абмяркоўваюць, што і як лепш зрабіць:

«Мяне асабліва кранула тое, што гэта праект пра жанчын, бо я сама памяняла жыццёвую пазіцыю дзякуючы жанчынам, якія выйшлі на Камароўцы. Гэта было так натхняльна: бачыць, як нашыя жанчыны ідуць на ахвяры, каб спыніць гэты жахлівы гвалт, як нашыя студэнткі станавіліся ў ланцугі… Я хоць не была ў Менску, але пастаянна сачыла за падзеямі. Гэта было паўстанне супраць гвалту перш за ўсё. І я мяркую, што менавіта таму мы і цяпер не здаемся ды працягваем змагацца».

Стасункі з выяўленчым мастацтвам у Ірыны складаліся з самага дзяцінства, калі яна назірала яшчэ за працаю маці, як тая дома размалёўвала сувеніры для берасцейскай фабрыкі.

Мадэль з калекцыі ад групы «Жаночае аблічча пратэсту».
Фота: ЯА / Белсат

«Я не хадзіла ў мастацкую школу, а сама сабе там ціхенька нешта малявала, пасля школы рыхтавалася паступаць у політэхнічны ўніверсітэт. Але тады мой будучы муж параіў не катаваць сябе матэматыкай, а пайсці ў Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт, на мастацка-графічны факультэт», – згадвае мастачка.

Атрымаўшы адукацыю, Ірына вярнулася ў Шчучын і ўладкавалася ў мясцовы цэнтр культуры загадчыцай рамеснай дзейнасці:

«У мяне быў такі творчы калектыў! Хтосьці вышываў, хтосьці з саломы плёў, мне больш за ўсё даспадобы роспіс яек і менавіта іканапіс на яйках. І выявы вобразаў Багародзіцы – гэта ўсё для мяне».

Пратэставыя настроі Ірыны не спадабаліся кіраўніцтву цэнтру культуры, праз што жанчына і страціла працу:

«Яны былі перакананыя, што ў Шчучыне ўсё спакойна і няма патрэбы выказваць сваю пазіцыю. А я намагалася давесці, што нават калі ад гвалту не пацярпелі мае родныя ці сябры, то пацярпелі мае беларусы, і я не магу застацца абыякавай».

Хвайніцкая памяняла працу і знайшла новы, добры калектыў, але пасля допісу пра Лукашэнку па яе прыйшлі сілавікі.

Iрына Хвайнiцкая паказвае мадэль з калекцыі.
Фота: ЯА / Белсат

«Мяне ў траўні пасля працы сустрэлі органы РУУС, быў ператрус удома, завялі крымінальную справу за абразу прэзідэнта, а потым за паклёп. На «Nexta» быў артыкул пра тое, што ў Лукашэнкі ёсць сын з інваліднасцю, якога ён кінуў. А я пісала пра тое, што як чалавек, які кінуў сваё дзіця, можа шкадаваць наш народ. Потым выдаліла, але нават гэтага аказалася дастаткова для крымінальнай справы», – згадвае Ірына.

Мяне перавезлі, як мех бульбы

Яшчэ да нашых пытанняў Зоя Грушына заявіла, што яе тут змушаюць закройваць, і засмяялася. У яе рукі на ўсе штукі, але вось закройваць раней не выпадала.

«У нас у Берасці была вельмі актыўная пенсіянерская група. І нас нібыта не чапалі, але я разумела, што матэрыялы яны збіраюць. Акрамя ўсяго, я насіла перадачы вязням. І вось я сабрала, што ў мяне было, і пайшла з перадачаю. Нават па баках не аглядалася і нічога не бачыла. А ўдома ў мяне заставаліся дзве дзяўчынкі. Тады ішла «пінская справа», і я запрасіла іх пажыць, бо справа доўга ішла, а ў адной у справе судзілі сына, у другой – мужа», – кажа спадарыня Зоя.

Каля суда пенсіянеры збіралі перадачы, пісалі цыдулкі. І ў гэты час госці Грушынай паведамілі аднаму чалавеку з пенсіянерскай суполкі, што прыйшлі з ператрусам. А потым і самой Зоі Грушынай патэлефанавалі:

Зоя Грушына, Ала Марцiновiч і Iрына Хвайнiцкая.
Фота: ЯА / Белсат

«Такі тон быў у маіх дзяўчат афіцыйны. Кажуць, што ў іх праблемы і трэба хутчэй сустрэцца. А мы дамаўляліся сустрэцца ля суда, я падышла, а нікога няма. І тут да мяне пачынае даходзіць. Я тэлефаную і пытаю, ці да іх нехта прыйшоў. Яны кажуць «так». Больш я дадому не вярнулася».

Жанчына распавяла, што ўжо пасля ейнага ад’езду прыйшоў ліст, нібыта справу супраць яе спынілі, бо не дастаткова доказаў. Але яна перакананая: калі б засталася, то сітуацыя была б іншая:

«У мяне падчас ператрусаў столькі ўсяго знайшлі. Я ж такая легкадумная, у мяне там і сцягі, і тканіна на іх. Карацей, шмат было. Калі б я трапіла ім у рукі, усё не скончылася б проста».

Эвакуацыю спадарыні Зоі зарганізавала ейная дачка так, што сама жанчына нават не ведае, хто і як займаўся ратаваннем:

«Мне толькі казалі, што я мушу прыйсці туды, знайсці таго, там сесці, там забяруць. Мяне проста перавезлі, як мех з бульбай. І так я апынулася ў Кіеве».

Галоўная швачка праекту прызналася, што ніякай адмысловай адукацыі не мае, а ў мінулым працавала настаўніцай інфарматыкі.

«Калі я расла, было цяжка з адзеннем. І я шыла сама сабе. Прытым у мяне рост такі, што я нічога не магу сабе набыць. Таму я і шыю. Але тут трэба кроіць, гэтага я не ўмею, а адказнасць разумею. Гэта вельмі складаны момант», – кажа спадарыня Зоя.

Зоя Грушына і Ала Марцiновiч.
Фота: ЯА / Белсат

На прымеркі і абмеркаванні планаў яна ездзіць у Кіеў з прадмесця, бо ў сталіцы жыць задорага.

«Хто б мне сказаў год таму, што я буду шыць сукенкі для подыуму! Насамрэч я вельмі задаволеная, бо я не сяджу без справы, не сумую. Прыходжу ў гэты калівінг, тут шмат людзей, знаёмлюся з імі, яны мяняюцца, усе такія цікавыя. Працы для мяне няма, на пенсію пражыву. Сцягі буду шыць, каму трэба», – апавядае Зоя Грушына.

Што далей?

Ала ўжо працуе над далейшаю часткаю праекту. У яе вялікія планы: ужо ёсць напрацоўкі для дзіцячай калекцыі.

«Мы цяпер рыхтуем калекцыю для дарослых, але дзеці ўжо сказалі, што яны таксама хочуць такое. І мы думаем зрабіць калекцыю «Free time», намаляваць дзяцей са сцягамі. Бо яны ў нас таксама задзеяныя ў рэвалюцыі. Я мяркую, што гэта гістарычны працэс, яго можна падаць у нейкай цікавай форме», – дзеліцца кіраўніца праекту.

«Калекцыю сукенак мы хочам найперш паказаць тут, у Кіеве. Гэта адзінкавыя асобнікі, а не масавая вытворчасць», – падкрэсліла Ірына.

«Мы будзем прасоўваць калекцыю на конкурсах. Я разумею, што гэта не конкурсная калекцыя, але мы ўсё адно будзем браць удзел. Будзем плаціць унёскі за ўдзел, выстаўляеш сябе як дызайнера, і мадэлі выходзяць на подыум, а суддзі ўжо прысуджаюць пэўнае месца. Нам патрэбныя не месцы, а каб людзі гэта бачылі, гаварылі пра гэта», – адзначыла Ала.

Удзельніцы праекту «Жаночае аблічча пратэсту».
Фота: ЯА / Белсат

Частку калекцыі беларускі думаюць выставіць на аўкцыён, каб былі сродкі прасоўваць праект далей, набываць тканіну, абсталяванне і падтрымліваць удзельніц ды іншых уцекачоў з Беларусі.

Прэзентуюць калекцыю 10 кастрычніка на Майдане незалежнасці ў Кіеве.

МГМ belsat.eu

Стужка навінаў