Не ўсё тое даносы, што пішуць у КДБ, але педагагічны эфект можа быць. Эксперты пра зліў ад «Кіберпартызанаў»


«Кіберпартызаны» выклалі ў сеціва базу з каля 40 тысяч зваротаў у КДБ, якія былі накіраваныя з верасня 2014 года па жнівень 2023 года. Сярод іх знайшлося нямала даносаў на актывістаў, палітыкаў, бізнесменаў і звычайных люзей. Нават адшукалася скарга «інфаказачкі» Вольгі Бондаравай на пралукашэнкаўскую актывістку Святлану Вараніцу. «Белсат» разбіраецца з экспертам, пра што гэта сведчыць.  

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Будынак КДБ у Менску.
Крыніца: Вясна / Правы чалавека ў Беларусі / Telegram

Звароты ў КДБ – гэта яшчэ не даносы

Каб ацаніць маштаб праблемы, трэба зразумець, колькі даносаў было на сам рэч, кажа гісторык Аляксандр Пашкевіч. Пакуль гэта зрабіць цяжка.

«Пра дакладныя лічбы можна будзе гаварыць толькі тады, калі гэта ўся база будзе апрацаваная, упарадкаваная. Таму што гэта база зваротаў. Мне здаецца, калі яе разабраць, то больш будзе менавіта запросаў працоўнага кшталту. Кажуць, там шмат зваротаў людзей адносна сваякоў, якія рэпрэсаваныя ў часы сталінскіх рэпрэсіяў», – кажа Пашкевіч.

Сапраўды, у базе ёсць, напрыклад, шмат хадайніцтваў аб змене меры стрымання. Ці паведамленняў, у якіх напісаная яўная бязглуздзіца.

Ёсць і зварот з такім тэкстам:

«Мы, грамадзяне Рэспублікі Беларусь, занепакоеныя беспадстаўным затрыманнем звыш 25 грамадзян краіны па падазрэнні ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў напярэдадні сакавіцкіх акцый пратэсту».

«Таму, думаю, што не толькі пра 40 тысяч даносаў, але і пра, 15, магчыма, не варта будзе гаварыць як пра класічныя даносы, дзе ёсць канкрэтныя дзеянні, чалавек ці арганізацыя і гэтак далей», – кажа суразмоўца.

Увогуле даносы – з’ява не толькі беларуская.

«Нядаўна была навіна пра нямецкага хлопца, які тысячамі піша даносы, шукае парушэнні. Ёсць у чалавека такая схільнасць. Думаю, кожны можа ўспомніць такіх людзей у сваім атачэнні – нейкая суседка ці знаёмы, нехта са сваякоў, якія нешта пабачылі і адразу ім трэба напісаць у нейкую арганізацыю. Такое можа быць не абавязкова па палітычных справах», – кажа Пашкевіч.

Hавiны
Чыноўнікі Чашніцкага раёну паскардзіліся на пропаведзь пастара. Яго пакаралі соднямі
2024.03.18 15:06

 

«Ціханоўскі ў большасці сваёй мае рацыю»

Усё ж і скаргаў толькі па пошуку па знакамітых прозвішчах вельмі шмат. Напрыклад, на Сяргея Ціханоўскага скардзіліся за тое, што ён казаў у сваіх стрымах пра асобных людзей. Пры гэтым той, хто даносіў, мае некаторыя агульныя погляды з палітвязнем.

«Ціханоўскі ў большасці сваёй мае рацыю, што тычыцца беззаконня беларускіх судоў, пракуратуры, міліцыі, з гэтым не паспрачаешся», – піша даносчык.

На Віктара Бабарыку і ягонага сына скардзіліся яшчэ ў 2019 годзе. На Эдуарда – за падтрымку блогера Сяргея Пятрухіна праз платформу «Улей». А на Віктара Бабарыку – за падтрымку творчасці Святланы Алексіевіч, а не «іншых беларускіх аўтараў, якія востра маюць патрэбу ў падтрымцы».

«Ні для каго гэта не таямніца, што сярод нас ёсць людзі, якія рэальна прызнаюць рэжым, які існуе, за свой, якія ненавідзяць яго палітычных праціўнікаў. Адпаведна, яны гатовыя дзейнічаць самымі рознымі метадамі. Цяперашняя сістэма гэта ўхваляе. Канешне, ёсць людзі, якія гатовыя даносіць. Пытанне не ў тым, што яны ёсць. Пытанне толькі ў размаху гэтай з’явы. Умоўна, наколькі ў кожным доме ці вуліцы ёсць чалавек, які пастаянна піша даносы на сваіх суседзяў і знаёмых. Ці ёсць такое, што, дзе б ты ні хаваўся, абавязкова на твае дзеянні напішуць данос.

Трэба ўлічваць, што гэтая база за дзевяць гадоў. Дзве траціны можна адкінуць як звычайныя звароты, адзін і той жа чалавек мог пісаць па шмат разоў. Можа аказацца, што колькасна даносчыкаў не так шмат і будзе», – кажа Аляксандр Пашкевіч.

Таму высновы пра беларусаў з гэтай базы рабіць не варта, лічыць ён.

«Калі колькасць даносчыкаў лічыцца на сотні, то гэта не так страшна, таму што ў любым грамадстве ёсць такія людзі. У той жа час не трэба прымяншаць. Гэта адна з тых баз, якія ёсць. Не ўсе пісалі ў КДБ ці, можа, хтосьці пісаў на паперы. Таму пра маштаб можна казаць толькі ўмоўна», – працягвае суразмоўца.

План: Б
Антраполаг: Даносы – гэта спосаб шэрага заробку
2023.10.09 16:33

Некаторыя вырашаць не даносіць

Спецслужбы звычайна не раскрываюць сваіх шпіёнаў і даносчыкаў, каб у будучым новыя людзі не баяліся супрацоўнічаць далей.  Цяпер праз хібы ў сістэме аховы дадзеных апынулася, што звесткі пра тых, хто пісаў звароты і даносы ў КДБ, дасяжныя для ўсіх.

«Дадзеныя асабліва не абароненыя ні КДБ, ні іншымі структурамі рэжыму. Іх можна атрымліваць не вельмі складаным спосабам. Гэта проста паказнік таго, як КДБ ставіцца да сваіх людзей, да людзей якія пішуць да іх даносы ці заявы. Канешне, гэта паўплывае на актыўнасць. Адна справа даносіць ціхенька, а іншая, калі ўсе могуць знайсці, хто, калі і на каго пісаў», – кажа «Белсату» прадстаўніца «Кіберпартызанаў» Юлія Шаметавец.

«Гэта будзе мець педагагічны эфект. Ясна, што судова іх пераследаваць пакуль ніхто не будзе, але рэпутацыйныя гэта страты. Даносчыкі звычайна робяць гэта спакваля, спадзяюцца, што ніхто пра гэта не даведаецца і могуць мець добрыя стасункі з тымі, на каго даносяць. А тут такая справа. Некаторыя з тых, хто хацеў бы даносіць, вырашаць гэтага не рабіць», – рэзюмуе Аляксандр Пашкевіч.

Інтэрв’ю
Культура даносаў. Калі дэананімізаваць бессэнсоўна
2022.06.13 09:49

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў