Выбары ў КР, скасаванне льготаў і змены ў сямейны капітал. Чаго беларусам чакаць у траўні


«Белсат» сабраў галоўныя змены, якія чакаюць беларусаў у траўні 2024 года. Тут і выбары ў Каардынацыйную раду, і вялікія выходныя, і рост грашовых дапамог. Таксама ў траўні мусяць пачаць дзейнічаць змяненні ў шэраг заканадаўчых актаў. Усё гэта – у нашым новым аглядзе.

Грамадскія слуханні прадстаўнікоў АПК у Варшаве
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

З 25 па 28 траўня пройдзе галасаванне на выбарах у Каардынацыйную раду трэцяга склікання. За месцы ў ёй змагаюцца 12 выбарчых спісаў. Першыя вынікі будуць абвешчаныя не пазней за 29 траўня. Падаць скаргі можна будзе да 8 чэрвеня.

Як і хто будзе працаваць і адпачываць

На травень у Беларусі выпадаюць тры святочныя дні, прызнаныя афіцыйнымі выхаднымі: Свята працы (1 траўня), Дзень Перамогі (9 траўня) і Радаўніца (14 траўня). Выходнымі пры пяцідзённым працоўным тыдні з’яўляюцца: 1, 4, 5, 9, 11 – 14, 19, 25, 26 траўня. Рабочы дзень 13 траўня (панядзелак) пераносіцца на 18 траўня (субота).

Паліклінікі, арганізацыі пералівання крыві, санітарна-эпідэміялагічныя арганізацыі, аптэкі, арганізацыі медтэхнікі 1, 9 і 14 траўня будуць працаваць паводле графіку святочнага дня, 10 і 18 траўня – рабочага, 11 і 1 – суботняга, 12 і 19 траўня – выходнага. Больніцы і РНПЦ 1, 9 і 14 траўня будуць працаваць паводле графіку святочнага дня, 10 і 13 мая – рабочага, 11 і 18 траўня – суботняга, 12 і 19 траўня – выходнога.

У Менску для гарадскога пасажырскага транспарту 1, 9, 13 і 14 траўня будзе дзейнічаць графік нядзелі, 8 і 18 траўня – пятніцы. Прыгарадны транспарт 1 і 9 траўня будзе рухацца паводле графіку нядзелі, 13 траўня – суботы, акрамя маршруту нумар 382А (ён будзе хадзіць паводле графіку будняга дня), 14 траўня – нядзелі, 18 траўня – будняга дня, акрамя маршруту нумар 382А (тут будзе графік выходнага).

Беларуская чыгунка на святы прызначыла 96 дадатковых цягнікоў, якія курсуюць у міжрэгіянальных і міжнародных зносінах з 26 красавіка па 15 траўня. Найбольшая колькасць дадатковых цягнікоў прадугледжаная на Радаўніцу.

Рост дапамог

З 1 траўня на 2,9 % да Br 418,73 павышаецца памер бюджэту пражыткавага мінімуму. Новы памер БПМ будзе дзейнічаць да 31 ліпеня. У сувязі з яго змяненнем аўтаматычна пераглядаюцца прывязаныя да яго розныя надбаўкі ды асобныя сацыяльныя выплаты. Сярод іх – дапамога ў сувязі з цяжарнасцю, нараджэннем і выхаваннем дзяцей, у тым ліку інвалідаў і інфікаваных ВІЧ. Таксама пераразлічаць сацыяльныя пенсіі, дадаткі і павышэнні, даплаты пенсіянерам, старэйшым за 75 гадоў. Акрамя таго, павысяцца дапамогі для дагляду для інвалідаў і людзей, старэйшых за 80 гадоў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Адным зніжку дадуць, у іншых адбяруць

Пенсіянерам з 1 траўня надаецца зніжка 50 % на праезд у цягніках рэгіянальных ліній эканомкласу. Зніжкі дзейнічаюць да 31 кастрычніка. Каб купіць білет са зніжкай, трэба прадʼявіць арыгінал пенсійнага пасведчання. Яно павінна быць пры пасажыры і падчас паездкі. Льгота не датычыць цягнікоў рэгіянальных лініяў бізнес-класу і міжрэгіянальных ліній (з нумараванымі месцамі), а таксама гарадскіх лініяў.

Паводле «Live. Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі», з 1 траўня ў супрацоўнікаў БЧ і пенсіянераў-чыгуначнікаў забяруць магчымасць бясплатна ездзіць на чыгуначным транспарце. Пенсіянеры-чыгуначнікі таксама абавязаныя вярнуць свае дзейныя гадавыя квіткі на бясплатны праезд.

Білеты стануць даражэй

Пры гэтым сам кошт паездак на цягніках унутры краіны павялічыцца на 3,5–4 %. У выніку, напрыклад, цэны на білеты для пасажыраў гарадскіх лініяў павялічацца на 7 капеек. Плата за білет рэгіянальных або міжрэгіянальных лініяў залежыць ад адлегласці, класу цягніка, тыпу вагона і гэтак далей.

Цыгарэты даражэюць

З 1 траўня ў Беларусі даражэюць некаторыя маркі цыгарэт. Так, на 5–40 капеек стануць даражэйшымі цыгарэты ад кампаніяў «Тытунь інвест» і «Сентоні ПРА» («Карона», «Форт», Camel, Winston, Richmond, Sobranie, Kent, Pall Mall). Лідарам падаражэння стануць цыгарэты «Sobranie Caster», кошт на якія вырасце на 45 капеек. Таксама на 20–30 капеек падымаецца кошт на цыгарэты Dunhill і Lucky Strike, якія ўвозіць «Беларусьгандль».

Новыя ўмовы сямейнага капіталу

З 28 траўня зʼявяцца дадатковыя ўмовы для тых, хто хоча датэрмінова выдаткаваць сямейны капітал на жыллё ці медычныя паслугі. Цяпер для гэтага трэба будзе не мець ва ўласнасці жылля агульнай плошчай 15 і больш квадратных метраў на чалавека (10 і больш «квадратаў» у Менску), зняцца з уліку патрабуючых паляпшэння жыллёвых умоў пасля выкарыстання сямейнага капіталу на жыллё. Таксама купленае з выкарыстаннем сямейнага капіталу і зарэгістраванае да 2022 года ва ўласнасці жыллё, нельга будзе адчужаць на працягу пяці гадоў з даты рэгістрацыі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Выдаткаваць сямейны капітал на медпаслугі можна будзе толькі ў дзяржаўных установах аховы здароўя і паэтапна: да 50 % – пры заключэнні дамовы, астатняе – пасля аказання паслугі.

Бывай, школа

Апошнія званкі празвіняць у беларускіх школах у суботу 25 траўня. За дзень да гэтага ў дзявятых і адзінаццатых класах скончацца заняткі. Астатнія школьнікі будуць вучыцца да 31 мая.

Ужо 27 траўня адбудзецца цэнтралізаваны экзамен для 11-класнікаў паводле прадмету па выбары і адначасова цэнтралізаванае тэставанне для выпускнікоў мінулых гадоў па адным з двух профільных прадметаў – уступных экзаменаў у ВНУ на выбар абітурыентаў. ЦЭ для 11-класнікаў і адначасова ЦТ для выпускнікоў мінулых гадоў па беларускай або расейскай мове пройдзе 30 траўня.

Арганізацыі-заказчыкі кадраў пасля 1 мая пачнуць заключаць з абітурыентамі дамовы аб мэтавай падрыхтоўцы. Мэтавікі будуць здаваць адзін унутраны ўступны іспыт у ВНУ ў вуснай або практычнай форме паводле прадмету, які з’яўляецца першым профільным.

Спісы для ІП

Міністэрства эканомікі 15 траўня апублікуе праект пераліку відаў дзейнасці, дазволеных для індывідуальных прадпрымальнікаў. Ён будзе вынесены на грамадскае абмеркаванне. Пералік павінен быць зацверджаны да 1 ліпеня. З 1 кастрычніка рэгістрацыя ІП па відах дзейнасці, якія не ўвойдуць у яго, спыніцца. Індывідуальныя прадпрымальнікі, якія займаюцца гэтымі відамі дзейнасці, павінны будуць перарэгістроўвацца ці ліквідавацца да 31 снежня 2025 года.

Адключэнне вады

У траўні ў жыхароў Беларусі пачнецца традыцыйнае амаль двухтыднёвае адключэнне гарачай вады. Напрыклад, у Менску адключаць яе пачнуць з 15 мая. Графік адключэння апублікаваны на сайце «Менскэнерга».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Мытнае афармленне

З 1 траўня зменіцца час працы некаторых пунктаў мытнага афармлення. Так, у Берасцейскай вобласці ПТА «Варшаўскі мост», «Казловічы», а таксама «Берасце-Усходняе» і «Берасце-Паўночнае» прадоўжаць кругласутачную працу, іншыя – згодна з устаноўленым графікам або па заяўцы зацікаўленых асоб, або пэўных органаў (памежнай службы, аддзяленняў чыгункі). У Гарадзенскай вобласці кругласутачны рэжым працы ўстаноўлены ў пунктаў «Беняконі-1», «Бераставіца», «Брузгі-1», «Каменны Лог» і іншых. Такі ж графік у ПМА «Маладзечна» і «Аэрапорт Мінск-2» у Менскай вобласці.

Аўгустоўскі канал

З 1 траўня ўносяцца змяненні ў дзейнасць спецыяльнага турысцка-рэкрэацыйнага парка «Аўгустоўскі канал». У прыватнасці, змяняюцца палажэнні аб парку і парадку рэгістрацыі юрыдычных асоб і ІП у якасці яго рэзідэнтаў, агульных умовах дзейнасці рэзідэнтаў парка, а таксама парадку пераходу, пазбаўлення або страты статусу рэзідэнта.

Праблемы «Мілы»

Інтэрнэт-крама сеткі «Міла» не будзе працаваць да 31 траўня. У паведамленні кампаніі гэта тлумачыцца тэхнічнымі прычынамі. Раней кампанія прыпыняла працу інтэрнет-крамы да 1 сакавіка. Але яна не была адноўленая.

Паміж Чэлябінскім і Рыгай

Расейская авіякампанія з 21 траўня адкрывае авіязносіны паміж Менскам і Чэлябінскам. Палёты плануюцца штоаўторак. «Белавія» з 28 мая дадасць у свой расклад дадатковы рэйс у Мурманск.

Таксама «Белавія» з 27 траўня пачне выконваць чартарныя рэйсы ў турэцкі Ізмір з 27 траўня. Чартары ў Ізмір адкрываюць беларускім турыстам доступ на курорт Кушадасы на працягу 10 начэй.

А «Менсктранс» з 1 траўня арганізуе дадатковыя рэйсы ў Рыгу. Рэйсы будуць выконвацца праз Браслаў і Даўгаўпілс па панядзелках, серадах і пятніцах у адзін бок і па аўторках, чацвяргах і суботах назад.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў