У Польшчы махляры крадуць нумарныя знакі з беларускіх аўтамабіляў


У Польшчы махляры ўсё часцей крадуць нумарныя знакі з прыпаркаваных на вуліцах беларускіх аўтамабіляў. Пасля іх мацуюць на машыны, на якіх здзяйсняюць злачынствы (напрыклад, запраўляюцца на АЗС палівам і не плацяць за яго). Таксама могуць пакідаць аўтамабілі на платных паркоўках, і ўладальніку давядзецца плаціць. Выкупіць нумары зламыснікі прапануюць толькі ў асобных выпадках, піша mostmedia.io.

Машыны і трамваі едуць па Ерусалімскаму праспекту ў цэнтры Варшавы, Польшча. 8 красавіка 2024 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

У паліцыі пацярпелым выдаюць даведкі і рэкамендуюць з імі звяртацца ў консульства РБ. Але там кажуць, што пытанне «не ў іх кампетэнцыі».

У эмігранцкіх чатах і групах нямала падобных гісторый.

Удзельнік абмеркавання пад нікам Misha патрапіў у непрыемную сітуацыю «пасярод дня». У маладога чалавека не толькі скралі нумары, але сапсавалі аўтамабіль.

«Парэзалі чатыры колы, падрапалі бок і скралі нумары», – напісаў беларус. Ён падазрае, што прычынай інцыдэнту магла стаць БЧБ-налепка на аўто.

Крысціна таксама апынулася ў такой сітуацыі. Яна звярнулася ў консульства, але праблему прыйшлося вырашаць самастойна.

«У консульстве проста адказалі, што гэта не ў іх кампетэнцыі. Прыйшлося ў Беларусь ехаць аўтобусам і там ужо атрымліваць новыя нумары», – напісала ў чаце беларуска.

Не дапамаглі ў консульстве і карыстальніцы пад нікам Ola.

«Нам адказалі, што нічым дапамагчы не могуць. Сказалі гнаць машыну з даведкай з паліцыі ў Беларусь па тым памежным пераходзе, па якім выязджалі, і рыхтавацца да допыту, як у нас так атрымалася», – падзялілася яна.

У некаторых выпадках ашуканцы дзейнічаюць больш выдасканалена. Ананімны ўдзельнік тэлеграм-чата «Беларусы Варшавы» сутыкнуўся з шантажом.

«Выкралі беларускія нумары ў Варшаве, вымагаюць грошы. Напісалі заяву ў паліцыю – сказалі ісці ў пасольства далей разбірацца», – падзяліўся беларус.

Беларусы ў Польшчы сутыкаюцца і з іншымі праблемамі. Так, нядаўна мы распавядалі пра беларуску Ірыну, якую гаспадыня ейнай здымнай кватэры ў Польшчы спрабуе гвалтоўна выселіць.

Гісторыі
«Вывезу ў Беларусь, будзеш з турмы пісаць свае лісты». Беларусаў у Польшчы гвалтоўна высяляюць з дому
2024.04.04 16:09

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў