Магутная ўспышка адбылася на Сонцы. Як засцерагчыся ад магнітных бур?


Магутная ўспышка адбылася на Сонцы раніцай 8 траўня. Сіла выбліску стала максімальнай, што прывядзе да моцных магнітных бур, паведамляе Лабараторыя сонечнай астраноміі ІКД і ІСЗФ. Наступствы мы адчуем толькі праз некалькі дзён, таму можна падрыхтавацца. 

Людзі глядзяць на захад сонца на менскім моры. Менск, Беларусь. 3 жніўня 2023 года.
Фота: Белсат

Эксперты адзначаюць, што пік касмічнай актыўнасці чакаецца 11 траўня, з-за чаго адбудуцца моцныя магнітныя буры. Акрамя таго, што яны паўплываюць на сістэмы сувязі і спадарожнікавую навігацыю, да цяжкасцяў таксама варта прыгатавацца метэазалежным людзям.

Магнітныя буры могуць аказваць негатыўны ўплыў на самаадчуванне некаторых людзей, асабліва тых, хто пакутуе ад сардэчна-судзістых, нервовых ці псіхічных захворванняў.

Сімптомы пры магнітных бурах ва ўсіх людзей розныя, але часцей за ўсё сустракаюцца такія:

  • галаўны боль;
  • галавакружэнне;
  • павышэнне ціску;
  • агульная слабасць;
  • боль у цягліцах і суставах;
  • ламота касцей;
  • парушэнне сну;
  • трывожнасць.

Каб зменшыць негатыўнае ўздзеянне магнітных бур на арганізм, рэкамендуецца выконваць некаторыя правілы. Напрыклад, карысна гуляць на свежым паветры, рабіць лёгкія фізічныя практыкаванні (ранкам зарадку), праветрываць памяшканне і асвойваць прыёмы дыхальнай гімнастыкі.

Дактары раяць прыбраць з рацыёну тлустыя і смажаныя стравы, дадаць больш свежай садавіны і гародніны. Пажадана выключыць курэнне, ужыванне алкаголю і энергетыкаў, а таксама абмежаваць каву і крэпкі чай.

Таксама трэба піць больш вады, каб пераадолець загусценне крыві, пазбягаць стрэсу, пераахаладжэння і перагрэву.

Вельмі важна выконваць рэжым сну (мінімум 8 гадзін) і адпачынку.

Перад пачаткам магнітнай буры можна выпіць таблетку асперыну. Калі ў вас ёсць хранічныя захворванні, лекі абавязкова павінны быць пад рукой.

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў