Украіна выйшла ў фінал «Еўрабачання-2024»


7 траўня ў шведскім горадзе Мальмё адбыўся першы паўфінал «Еўрабачання-2024». Сярод іншых, яго паспяхова прайшоў і выйшаў у фінал украінскі дуэт Alyona Alyonа & Jerry Heil.

Украінскі дуэт Alyona Alyonа & Jerry Heil.
Фота: Sarah Louise Bennett / EBU

Украінкі Alyona Alyonа & Jerry Heil у сваёй кампазіцыі «Teresa & Maria» спелі пра моц жанчын, веру ў перамогу, украінскі боль і нязломнасць. Сцэнічны нумар падрыхтавала знаная рэжысёрка і кліпмэйкерка з Украіны Таня Муньё. У шоу заўважныя візуальныя адсылкі да вайны ва Украіне.

Акрамя Украіны, у фінал конкурсу таксама прайшлі: Baby Lasagna (Марка Пурышыч) з Харватыі, Bambie Thug з Ірландыі, Сільвястрас Бяльце з Літвы, Сілія Капсіс – удзельніца ад Кіпру, Raiven са Славеніі, Талі з Люксембургу, Тэя Дора з Сербіі, Юланда з Партугаліі, Windows95man з Фінляндыі.

«Еўрабачанне-2024» праходзіць з падвышанымі захадамі бяспекі ў звязку з антыізраільскімі пратэстамі ў Швецыі ды іншых краінах Еўропы. У дні правядзення конкурсу ў Мальмё запланаваныя некалькі палітычных акцыяў.

Глядзець «Еўрабачанне» можна на тэлеканалах краінаў-удзельніц, а таксама на канале конкурсу на YouTube, у TikTok і на афіцыйным сайце. На беларускім дзяржаўным тэлебачанні конкурсу не пакажуць. У Польшчы «Еўрабачанне» транслюе TVP, у Літве – LRT, у Латвіі – LTV, ва Украіне – «Суспільне», у Грузіі – 1TV.

У глядацкім галасаванні сёлета залічаць галасы і ад тых, чые краіны ў конкурсе не бяруць удзелу. То бок галасаваць змогуць і беларусы ў Беларусі. Голас можна будзе аддаць праз сайт Esc.vote, але для ідэнтыфікацыі папросяць нумар тэлефона ці банкаўскай карты, якая працуе ў Еўропе.

Другі паўфінал адбудзецца ў чацвер, 9 траўня, фінал – у суботу, 11 траўня. Пачатак – а 21:00 паводле цэнтральнаеўрапейскага (і польскага) часу, або а 22:00 паводле менскага і віленскага.

Агляд
Суды, эміграцыя, званні і «Міратворац». Што стала з беларускімі ўдзельнікамі «Еўрабачання»
2023.05.09 06:00

Агулам у конкурсе сёлета бяруць удзел прадстаўнікі 37 краінаў. Беларусь і Расея не дапушчаныя да ўдзелу ў «Еўрабачанні-2024» праз парушэнне правілаў і каштоўнасцяў конкурсу.

Апошні раз Беларусь была рэпрэзентаваная на «Еўрабачанні» ў 2019 годзе: спявачка Zena тады заняла ў фінале 24-е месца з 26. У 2020-м Беларусь меўся прадстаўляць дуэт «VAL» з песняю «Да відна», але конкурс скасавалі праз пандэмію, а потым Белтэлерадыёкампанія разарвала з дуэтам пагадненне праз занадта «несумленнае» інтэрв’ю, а дуэт казаў, што хацеў бы «рэпрэзентаваць свабодную краіну».

У 2021 годзе БТ збіралася паслаць праўладны гурт «Галасы ЗМеста», але дзве іхныя песні адхілілі арганізатары конкурсу. Этна-электронны гурт «Shuma» тады запісаў «эмігранцкую песню для «Еўрабачання», але на конкурсе не выступаў.

Агляд
«Еўрабачанне-2024» – ізноў без Беларусі і нечакана змрочна. Хто ад суседзяў і на каго ставяць
2024.05.07 09:00

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў