«Застрэлілі 5-гадовую дзяўчынку кантрольным». Байцы Вагнэра распавялі аб ваенных злачынствах


Праект Gulagu.net апублікаваў інтэрв’ю з двума былымі зняволенымі, якіх завербавалі з калоніяў у ПВК Вагнэра. Яны на працягу тыдня давалі паказанні заснавальніку праекту Уладзіміру Асечкіну і раскрылі жудасныя падрабязнасці расстрэлу больш як 20 украінскіх дзяцей і падлеткаў, паведамілі пра «зачысткі» жылых дамоў з забойствам усіх, у тым ліку дзяцей, і падрыў ямы з больш як 50 параненымі палоннымі і «500-мі» (тыя, хто вырашыў пакінуць вайну і адмовіўся выконваць загады забіваць украінцаў).

Паказанні далі былы асуджаны з ВК-13 УФСВП Расеі ў Саратаўскай вобласці Азамат Улдараў і былы асуджаны з ВК-1 УФСВП Расеі ў Варонежскай вобласці Аляксей Савічаў, якіх завербаваў у ПВК Вагнэра Яўген Прыгожын і памілаванне якім падпісаў асабіста Уладзімір Пуцін на пачатку верасня 2022 года. Цяпер абодва вайскоўцы ў Расеі.

Памілаванне для Азамата Улдарава і Аляксея Савічава. Крыніца: NetGulagu / Telegram

«Яшчэ раз – без саўдзелу Пуціна і Прыгожына гэтыя асобы адбывалі б тэрмін пазбаўлення волі ў калоніях ФСВП, але замест гэтага расейскія ўлады адправілі іх на вайну, папярэдне навучыўшы забіваць іншых людзей», – адзначаюць у праекце Gulagu.net.

Гэтыя людзі расказалі пра канкрэтныя месцы і спосабы забойства, імёны і пазыўныя тых, хто аддаваў загады расстрэльваць і чыніць іншыя ваенныч злачынствы, у тым ліку ў дачыненні расейскіх вайскоўцаў.

У інтэрв’ю Аляксей Савічаў згадаў адзін з выпадкаў масавага знішчэння людзей у Бахмуце, уключаючы таварышаў са службы:

«У рове чалавек шэсцьдзесят дакладна было. Людзі дыхалі, крыкаў не было. Мне быў загад: прыйсці, падарваць і падпаліць. Я ж не буду глядзець, колькі там чалавек дыхала, колькі было жывых. Я проста пабачыў там сваіх, даклаў камандзіру, ён мне сказаў, што гэта ўжо не нашыя. Я проста выканаў загад. Гэта было 19–20 студзеня, таму што 23 студзеня мяне ўжо параніла».

Для гэтага ён выкарыстаў каля 30 гранатаў. Затым целы былі спаленыя.

Аляксей Савічаў. Скрыншот з відэа: Гулагу-нет Официальный канал / Youtube

Таксама ён распавёў, як пасля лютаўскага абмену палоннымі расейскія вайскоўцы загадалі «ўсіх, каму 15 гадоў і больш, – расстрэльваць без словаў». З 15-гадовых палонных было расстраляна каля 20 чалавек, распавёў Савічаў.

З ягоных словаў, за невыкананне загадаў, у тым ліку расстрэлу мірных жыхароў, расейскіх вайскоўцаў каралі такім жа расстрэлам. Ён дадаў, што праз гэта пры ім былі расстраляныя 70 былых зняволеных, з якіх ён ведаў васьмярых і назваў іхныя пазыўныя. Гэта адбылося ў снежні 2022 года ў Салядары. Таксама каралі і за сувязі з журналістамі. Савічаў дадаў, што ПВК Вагнэра палонных не бяруць.

Іншы вайсковец Азамат Улдараў распавёў, што яму і ягоным атрадам давалі загад «зачысціць і знішчыць усіх» у Салядары. У раёне гэтага гораду высадзіліся каля 150 наймітаў.

«Мы ішлі і забівалі ўсіх. Былі жанчыны, мужчыны, пенсіянеры, дзеці. Ты разумееш, што цяпер на гэтых руках? Яна віскоча, яна маленькае дзіця, разумееш. Ёй пяць-шэсць гадоў, а я стрэліў, ты разумееш, кантрольны. Была каманда зачысціць усіх», – згадвае Улдараў.

«Калі я зайшоў у падвал, там былі дзеці, і мне была каманда не выпусціць нікога. Я выканаў каманду. Я паклаў там усіх са сваёй групай, мы ўсіх пакінулі там. Дзяцей было каля 40, агулам чалавек 300–400. Я даў каманду на знішчэнне ўсіх. Гэта быў вялікі дом, дзевяціпавярхоўка і цэлы падвал, а таксама першы і другі паверхі былі забітыя людзьмі і замінаваныя. Я даў каманду: абнуліць усіх», – распавядае Улдараў. Паводле ягоных словаў, гэта адбылося 18 сакавіка ў Бахмуце.

Азамат Улдараў. Скрыншот з відэа: Гулагу.нет Официальный канал / Youtube

Таксама ён распавёў пра мноства пакаранняў смерцю, якія адбываліся з дапамогай нажа і кувалды – са словаў Улдарава, гэта любімыя інструменты Яўгена Прыгожына, і ён дадаў, што загад «знішчыць усіх» аддаваў у тым ліку Прыгожын. «Мы пуцінская каманда», – адзначыў вайсковец.

Улдараў прыгадаў, што так пры ім было пакарана смерцю больш за 20 чалавек, большасць з якіх «чвкшнікі». Ён таксама адзначыў, што забойства Яўгена Нужына, які ўцёк, – праўда, але яго пакаралі смерцю да ўдзелу Улдарава ў баявых дзеяннях.

Баец распавёў, што падчас ягонай службы целаў загінулых расейскіх вайскоўцаў не маглі вызначыць і вывозілі пустыя труны, а затым перадавалі маці, хаця ў трунах нікога не было.

Цяпер Улдараў дома ў Саратаве, ён жадае вярнуцца на вайну, але ўжо ад Міністэрства абароны РФ: «Так, я хачу туды з’ехаць».

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў