Міністр фінансаў Юрый Селіверстаў на калегіі ведамства распавёў аб праблеме бюджэту Беларусі і планах, як яго напоўніць. Пра гэта піша часопіс «Финансы, учет, аудит».
Міністр паведаміў, што ў 2020 годзе даходы рэспубліканскага бюджэту ў рэальным выражэнні скараціліся на 11,4 %. Да зацверджаных планаў на мінулы год улады недабралі Br 750 мільёнаў у намінале. Таксама яны былі вымушаныя перафарматаваць расходную частку бюджэту. Гэтак, былі аптымізаваныя, а затым скарочаныя «асобныя выдаткі» на Br 1,6 мільярда, а на Br 712 мільёнаў – «выдаткі, якія фінансуюцца за кошт сродкаў вонкавых дзяржаўных займаў».
Таксама Юрый Селіверстаў распавёў пра моцнае падтрыманне дзяржсектару. Гэтак, «Беларусбанк» зазнаў рэкапіталізацыю на Br 1 мільярд. Таксама ў банках Міністэрства фінансаў размясціў валютныя і рублёвыя дэпазіты, каб паставіць заслону на шляху да абвалу. «Белаграпрамбанк» і «Белінвестбанк» атрымалі пралангацыю да 2028 года субардынаваных крэдытаў. Прадпрыемствы рэальнага сектару атрымалі гарантыі ўладаў на выплату крэдытаў Br 1,5 мільярда.
Для падтрымання камбінатаў хлебапрадуктаў і сельскай гаспадаркі былі дадаткова накіраваныя больш як Br 2 мільярды.
У выніку такіх захадаў дзяржаўны доўг Беларусі павялічваўся, а ў структуры бюджэту назіраліся негатыўныя змены.
У сувязі з гэтым Селіверстаў заявіў пра неабходнасць «працягнуць працу ў пошуку дадатковых крыніцаў для напаўнення бюджэту». Гэтак, ён бачыць «недастатковы ўклад у фінансаванне дзяржаўных выдаткаў ад суб’ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва». Паводле яго, «усе неабходныя захады для развіцця бізнесу ў нашай краіне ўжо зробленыя» і таму «чакаецца павышэнне ўзроўню ўдзелу малога і сярэдняга прадпрымальніцтва ў фармаванні даходаў бюджэту».
МГ belsat.eu