Коля Лукашэнка можа аказацца самым галоўным апазіцыянерам Беларусі


Сузаснавальнік «ByMedSol» Андрэй Ткачоў адказвае на пытанні на дэтэктары хлусні. 

– Ці падтрымліваеце вы сувязь з медыкамі, якія цяпер застаюцца ў Беларусі?

– Так, безумоўна.

– Што яны вам распавядаюць?

– Усё дрэнна.

Паводле Андрэя Ткачова, з размоваў з медыкамі вынікае, што ў Беларусі катастрафічны дэфіцыт кадраў. Шмат хто рыхтуецца да таго, каб з’ехаць, вучыць польскую, нямецкую мову. Але арганізацыя «ByMedSol» наўмысна не намаўляе медыкаў пакідаць краіну, тым жа, хто наважыўся на такі крок, пазней дапамагаюць. Падтрымлівае Андрэй медыкаў яшчэ з часоў пандэміі, калі валанцёры перадавалі ў шпіталі сродкі абароны для дактароў, бо Міністэрства аховы здароўя не спраўлялася з выклікамі пандэміі. Тым больш, што локдаўну ў Беларусі не было.

Пытанне каронавіруса нікуды не сышло: калі ў часе пандэміі проста ніхто не ведаў статыстыкі смяротнасці, то цяпер каронавірус выкарыстоўваецца яшчэ і для таго, каб інфікаваць палітычных зняволеных.

«Адзін з пунктаў – вельмі складаныя, невыносныя ўмовы для палітычных вязняў. Пачынаючы ад перанаселенасці камераў, пазбаўлення наогул усіх магчымых правоў, якія ёсць насамрэч у тых, хто ўтрымліваецца ў месцах пазбаўлення волі. Пазбаўленне прагулак, душу, перадачаў і гэтак далей. І свядомае заражэнне людзей каронавірусам – гэта яшчэ [адзін] пункт у гэтым доўгім спісе».

Ткачоў кажа: камеры перанаселеныя, а гэта значыць, што калі там ложкаў пяць, то ў камеры, як правіла, трымаюць чалавек дваццаць, калі не больш. У такіх умовах, нават калі нехта адзін са зняволеных хварэе на любую рэспіраторную хваробу, то заражаецца ўся камера.

Андрэй Ткачоў. Скрыншот з праграмы «Шчыра кажучы».
Крыніца: БЕЛСАТ NEWS / YouTube

– Уявім сітуацыю: калі Лукашэнка будзе сурʼёзна хворы, вы акажаце яму медычную дапамогу?

– Так.

Паліграф: Сумняецца 

«У прынцыпе, я чалавек, які прапаведуе нейкія гуманістычныя каштоўнасці, вяршэнства права, закону і гэтак далей. І мне хочацца, каб усё было вось у гэтых межах. (…) Але, на жаль, падзеі апошніх трох з паловай – чатырох гадоў пакідаюць усё менш і менш ува мне вось гэтага гуманізму. У тым ліку і вайна ва Украіне, і ўсе тыя падзеі, уся тая жорсткасць нематываваная, якую праяўлялі і праяўляюць супрацоўнікі сілавых структураў і дзяржавы ў адносінах да простых безабаронных, бяззбройных грамадзянаў».

– Вы б выратавалі Лукашэнку?

– Хутчэй за ўсё, так, але гэта недакладна.

– Вы вагаецеся?

– Так. Усё вельмі залежыць ад сітуацыі. Я б хацеў яго выратаваць, каб ён дажыў да справядлівага суда паводле закону. Вельмі хочацца ўбачыць гэтага чалавека на лаве падсудных.

Андрэй Ткачоў. Скрыншот з праграмы «Шчыра кажучы».
Крыніца: БЕЛСАТ NEWS / YouTube

– Ці ёсць бізнесоўцы, якія цяпер застаюцца ў Беларусі і дапамагаюць Фонду медычнай салідарнасці?

– Магчыма і ёсць, магчыма не. Хто ж яго ведае.

– Знакамітыя людзі дапамагаюць?

– Хто ведае. Можа, гэта Коля Лукашэнка.

– О! Вы думаеце, што такое магчыма?

– Я думаю, тэарэтычна магчыма ўсё. Я думаю, што Коля – гэта самы галоўны апазіцыянер у Беларусі.

– Чаму?

– Гэты чалавек з нейкім не такім рыгідным мысленнем, як у ягонага бацькі. І гэта, у любым выпадку, чалавек, які неяк глядзіць за інфармацыяй хаця б, у адрозненне ад ягонага бацькі.

Больш адказаў на пытанні шукайце ў праграме «Шчыра кажучы» на YT-канале «Belsat News» (відэа вышэй).

Стужка навінаў