Расейцы ціснуць па ўсім фронце, ЗСУ- занялі востраў на Дняпры. Што вядома?


«Белсат» падводзіць вынікі 796-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 29 красавіка чытайце ў нашым аглядзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія вайскоўцы 25-й асобнай паветрана-дэсантнай брыгады ЗСУ на БМП «Мардэр» ля лініі фронту ў Данецкай вобласці, Украіна. 29 красавіка 2024 года.
Фота: Oleksandr Ratushniak / Reuters / Forum

Купянскі і ліманскі кірункі (усходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

На паўночным усходзе Харкаўскай вобласці працягваюцца баі за сяло Кіслоўка ў Купянскім раёне.

Прарасейскі тэлеграм-канал «Рыбарь» сцвярджае, што Узброеныя сілы РФ кантралююць прынамсі ўсходнюю палову населенага пункту, а ўкраінскія вайскоўцы адышлі на захад або ў суседняе сяло Катляроўка.

У гэты ж час аналітыкі праекту Deepstate гавораць, што за апошнія содні сітуацыя ў Кіслоўцы істотна не змянілася: сілы абароны Украіны захоўваюць ранейшыя пазіцыі, але пры гэтым адзначаецца моцны ціск з боку праціўніка.

У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны паведамілі, што таксама на купянскім кірунку расейцы шэсць разоў атакавалі ў ваколіцах Бераставога і Стэльмахаўкі ў Харкаўскай і Луганскай вобласцях адпаведна, але поспеху не дасягнулі.

На суседнім ліманскім кірунку сілы абароны Украіны адбілі не менш за 18 атак праціўніка ў ваколіцах Копаняў і Новаягораўкі на Харкаўшчыне, Макееўкі, Неўскага і на тэрыторыі Серабранскага лясніцтва ў Луганскай вобласці, а таксама каля Цернаў ў Данецкай. Нагадаем, на апошнім участку войскі РФ ужо некалькі месяцаў беспаспяхова намагаюцца выбіць украінцаў з невялікага плацдарму на левым беразе ракі Жарабец.

Між тым «Рыбарь» піша, што ў Луганскай вобласці УС РФ прасунуліся і ўсталявалі кантроль над усходнімі ўскрайкамі сяла Макееўка.

Бахмуцкі кірунак (лінія фронту на поўначы Данецкай вобласці, а таксама ў Луганскай з поўдня ад ракі Северскі Данец)

На поўначы бахмуцкага кірунку Узброеныя сілы РФ наступалі ў ваколіцах населеных пунктаў Верхнякаменскае, Выемка і Грыгораўка. Галоўнакамандуючы ЗСУ Аляксандр Сырскі гаворыць, што такім чынам праціўнік намагаецца прасунуцца на ўсход і блакаваць Сіверск, каб у далейшым стварыць умовы для развіцця наступу ў бок гораду Славянск.

На захадзе кірунку, паводле Генштабу ЗСУ, расейцы ціснуць у ваколіцах Часавага Яру, Іванаўскага, Клішчыеўкі і Андрэеўкі, але лінія сутыкнення застаецца адносна стабільнай.

Вайскоўцы ЗСУ гавораць, што самыя цяжкія баі лакалізуюцца ў ваколіцах гораду Часаў Яр, але пакуль сітуацыю ўдаецца кантраляваць.

Прарасейскі тэлеграм-канал «Два майора» мяркуе, што пакуль Збройныя сілы трымаюць фронт за кошт перакідання рэзерваў з іншых участкаў.

Аўдзееўскі і навапаўлаўскі кірункі (на поўначы, захадзе і паўднёвым захадзе ад Данецку)

Пры гэтым па-ранейшаму найбольшая інтэнсіўнасць наступальных дзеянняў расейскіх вайскоўцаў назіраецца на аўдзееўскім кірунку – украінскае камандаванне фіксуе не менш за 55 атак праціўніка ў ваколіцах населеных пунктаў Новакалінавае, Керамік, Архангельскае, Сокал, Ачарэтына, Калінавае, Салаўёва, Новапакроўскае, Навасёлаўка Першая і Сямёнаўка.

У Deepstate фіксуюць прасоўванні расейцаў у сяле Няйталава, а таксама каля Новааляксандраўкі.

«Рыбарь» паведамляе, што УС РФ прасунуліся ў Ачэрэтыне, але ЗСУ яшчэ захоўваюць пазіцыі на ўсходзе сяла. Акрамя гэтага крыніца адзначае працяг баёў у населеных пунктах Салаўёва і Керамік, што супярэчыць ранейшым заявам іншых прарасейскіх тэлеграм-каналаў пра выбіццё з іх сілаў абароны Украіны.

Тым часам Аляксандр Сырскі ў сваім тэлеграм-канале пацвердзіў, што Збройныя сілы выйшлі з Бэрдычаў і Сямёнаўкі, заняўшы новыя пазіцыі на захадзе ад населеных пунктаў.

На навапаўлаўскім кірунку працягваюцца баі ў Краснагораўцы і Георгіеўцы, а таксама каля сёлаў Новаміхайлаўка і Вадзяное, але істотных зменаў па фронце не фіксуецца.

Бярдзянскі, арэхаўскі і херсонскі кірункі (захад Данецкай, а таксама Запарожская і Херсонская вобласці)

На бярдзянскім кірунку Узброеныя сілы РФ наступаюць на так званым урэмеўскім выступе каля сёлаў Ураджайнае і Старамаёрскае (на мяжы Данецкай і Запарожскай вобласцяў).

Расейскія вайскоўцы ў сваім тэлеграм-канале «Воин DV» заяўляюць аб прасоўваннях у ваколіцах гэтых населеных пунктаў на адлегласць да 200 і 700 метраў адпаведна.

Нязменнай застаецца сітуацыя ў цэнтральнай частцы Запарожскай вобласці: тут ідуць сустрэчныя баі на ўчастку фронту паміж сёламі Вэрбовае і Работына (з поўдня ад гораду Арэхаў), але пакуль ніводны з бакоў канфлікту не мае поспеху.

У Херсонскай вобласці расейцы прынамсі пяць разоў атакавалі на левым беразе Дняпра, дзе ЗСУ ўтрымліваюць некалькі невялікіх плацдармаў, але прасунуцца не здолелі.

Тым часам Сырскі сцвярджае, што самыя Збройныя сілы ўсталявалі кантроль над востравам Нэстрыга, якія знаходзіцца ў рэчышчы Дняпра недалёка ад правага берага.

Прарасейскія крыніцы пішуць, што пяхота ЗСУ, якая высадзілася на востраве, была знішчаная.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Наталля Кулыгіна belsat.eu 

Стужка навінаў