«Свабоду Андрэю Гнёту!» Такі лозунг гучаў сёння пад амбасадай Сербіі ў Варшаве. Рух беларускіх нацыяналістаў адмыслова зладзіў пікет з патрабаваннем вызваліць нашага суайчынніка.
Глядзіце сюжэт у нашым відэа:
Летась у лістападзе беларускі рэжысёр, адзін з заснавальнікаў Свабоднага аб‘яднання спартоўцаў быў затрыманы ў Бялградзе. Рэч у тым, што рэжым Лукашэнкі скіраваў ліст у Інтэрпол – заявіў, што Андрэй Гнёт нібыта парушаў заканадаўства, не плаціў падаткаў. Аднак такая практыка – частая, калі рэжым часта высылае «непалітычныя» артыкулы, каб зняволіць сваіх палітычных апанентаў. Андрэй Гнёт ужо меў два суды ў Сербіі. Абодва яны пастанавілі выдаць яго ў Беларусь.
«Гэта, канешне, шакавальна, што ў Сербіі, у Еўропе такое можа рабіцца, што чалавека могуць дэпартаваць, загадзя ведаючы, што яго там могуць не проста пасадзіць, [за] нейкія падаткі, як у цывілізаванай краіне, а забіць!», – кажа ўдзельнік пікету пад амбасадай Сербіі ў Варшаве, музыка Алесь-Францішак Мышкевіч.
Свабоднае аб’яднанне спартоўцаў прызнанае «экстрэмісцкім» фармаваннем, а таму, кажуць удзельнікі пікету, няма ніякіх сумневаў, што, калі Бялград выдасць у Менск Андрэя Гнёта, яго чакае турма, катаванні.
Рух беларускіх нацыяналістаў перадаў петыцыю ў амбасаду Сербіі ў Варшаве з патрабаваннем вызваліць Андрэя Гнёта, а таксама стварыў петыцыю онлайн, якую могуць падпісаць розныя людзі – не толькі сербы, не толькі беларусы.
«Наш балканскі сектар таксама правёў адпаведную акцыю і расклеіў на вуліцах Бялграду адпаведныя плакаты з заклікам на сербскай мове», – распавёў прадстаўнік Руху беларускіх нацыяналістаў Ян Ліс.
Удзельнікі пікету зазначылі, што калі Сербія наважыцца, каб выдаць Андрэя Гнёта ў Беларусь, – гэта будзе вельмі дрэнна для рэпутацыі Сербіі.
«Я вельмі добра ведаю Андрэя. Акрамя таго, што ён мой блізкі сябар і аднагрупнік, мы падтрымлівалі камунікацыю ў 2020 годзе, ведаю пра яго кожны крок. Мы зрабілі вельмі вялікую працу, падключылі нашу каманду НАУ і Офіс Святланы Ціханоўскай. У нас былі сустрэчы з дыпламатамі, мы накіравалі лісты і ў МЗС еўрапейскіх краінаў. Гэта мае свой вынік, бо на другім судовым паседжанні прысутнічалі еўрадыпламаты», – расказала прэс-сакратар Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Юлія Гарачая.
Канчатковае рашэнне ў справе беларускага рэжысёра, сузаснавальніка Свабоднага аб’яднання спартоўцаў Андрэя Гнёта мае быць прынятае ў гэтым месяцы.
Вітаўт Сіўчык, «Белсат»