«Наша Ніва» даведалася пра яшчэ аднаго беларуса, які ваяваў добраахвотнікам ва Украіне на баку расейскіх войскаў. Загінулага клікалі Віталь Чыбісаў, і ён паспеў паваяваць толькі чатыры месяцы.
Хлопец быў з Клецку, пасля сям’я пераехала ў Магілёў, а затым у Дзяржынск і ўрэшце ў Маладзечна. Сям’я Віталя Чыбісава жыла ў інтэрнаце. Маці працавала прасавальніцай у мясцовай больніцы, а бацька – токарам. Бацька хлопца, імаверна, выпіваў і ўжо памёр.
Сам Чыбісаў у дзяцінстве быў хуліганам. Згодна з базамі «Кіберпартызанаў», у 11 гадоў ён скраў чужы смартфон, а ў 13 гадоў – два ровары і яшчэ адзін смартфон проста на працы ў ягонай маці. За гэта бацькоў штораз штрафавалі, а яго самога мусілі паставіць на ўлік у міліцыю.
Хлопец скончыў Уздзенскі дзяржаўны каледж і ўхіляўся ад службы ў войску, яму нават закрылі за гэта выезд з Беларусі ў 2020-м. Тым не менш у 2021 годзе яго забралі ў войска. Неўзабаве пасля службы Чыбісаў у ліпені 2023-га завербаваўся на кантракт у расейскую армію, каб ваяваць супраць украінцаў.
Загінуў ён недзе 26 лістапада 2023 года. Пахавалі найміта ў родным Маладзечне. На момант смерці яму было 22 гады.
Якуб Хруст belsat.eu