У аўторак 28 верасня ў Менску сілавікі ўварваліся ў кватэру супрацоўніка «Epam Systems» Андрэя Зельцара, якога нібыта падазравалі ў датычнасці да тэрарыстычнай дзейнасці. Завязалася страляніна, падчас якой загінуў Андрэй і адзін з сілавікоў – супрацоўнік КДБ. З намі звязаўся мянчук, які вучыўся разам з Зельцарам у 203 школе ва Ўруччы. Мужчына распавёў, якім маладзён быў у школьныя гады, і ў дарослым жыцці.
– Мы вучыліся разам на пачатку «нулявых» – прыкладна з 2001 году. У 2007 быў выпуск. Мы сябравалі паралелямі. Пасля школы шмат хто з’ехаў, але Андрэя ўсе памятаюць, і цяпер мой інстаграм разрываецца, усе вельмі перажываюць.
Зельцар і наш суразмоўца жылі ў суседніх дамах ва Ўруччы. Мелі агульныя зацікаўленасці і па-за школай.
– Тады толькі пачыналася эпоха інтэрнэту, гэта было нашым захапленнем, на гэтай тэме мы і пасябравалі, – узгадвае мянчук. – Мы шмат часу праводзілі разам, на дахах, памятаю, сустракаліся, бавілі час.
Бацька Андрэя Зельцара – юрыст. Аднакласнік забітага дагэтуль памятае ягоную машыну з пазнакай, што за рулём – чалавек з інваліднасцю. Бацька Зельцара на той момант меў інваліднасць, звязаную з апорным апаратам, але дэталяў наш суразмоўца не памятае. Пра сям’ю забітага кажа, што гэта вельмі прыстойныя людзі, якія выхоўвалі Андрэя як справядлівага і сумленнага чалавека.
Андрэй добра вучыўся ў школе. Цікавіўся юрыспрудэнцыяй і хацеў «пайсці па слядах бацькі», кажа наш суразмоўца. Пасля школы пайшоў у юрыдычны каледж. У IT-сферу трапіў ужо пазней, скончыўшы курсы.
Паводле мужчыны, Андрэй заўсёды вёў актыўнае жыццё – захапляўся спортам, любіў прыроду. Яшчэ ў школьныя гады пастаянна хадзіў у паходы, а ў дарослым жыцці знаходзіў час і на працу, і на сям’ю, і на спорт – бегаў у марафонах, займаўся фехтаваннем, і вельмі паспяхова – перамагаў шмат у якіх спаборніцтвах.
Зельцар – кандыдат у майстры спорту па рапіры, апошнім часам трэніраваўся на шаблі. Займаўся ў аматарскім клубе. Тры разы на тыдзень хадзіў на трэніроўкі.
– У апошнія гады мы не так блізка ўжо камунікавалі, Андрэй пераехаў у іншы раён, – кажа аднакласнік забітага. – Але я яго сустрэў нядаўна, месяцы два таму, і што хачу сказаць – ён не змяніўся. І гэта мне ў ім заўсёды падабалася. Ён нібыта не змяняўся ні вонкава, ні ўнутрана – такі ж актыўны, стрыманы, разважлівы, усмешлівы, добразычлівы.
Мянчук лічыць абсурдам заявы з боку ўладаў, што Зельцар быў звязаны з тэрарыстычнай дзейнасцю.
– У дзяржавы логіка цяпер такая – вы апрыёры ўсе тэрарысты, мы да ўсіх прыйдзем, а потым разбярэмся, – кажа мужчына. – Андрэй ніколі б не забіў, каб проста забіць. Але ён мог даць адпор, так. Тут да яго нахабна ламіліся незразумела хто, і Андрэй быў не Андрэй, калі б не зрабіў так, як зрабіў. Ён малайчына і паступіў слушна. Я б зрабіў гэтак жа сама.
Яму 31 год, ён працаваў вядучым аналітыкам службы падтрымкі ў «EPAM Systems».
Жонку Андрэя завуць Марыя Успенская, піша Zerkalo.io. Ёй 40 гадоў. З Андрэем Зельцарам яны ажаніліся ў 2011 годзе, для жанчыны гэта другі шлюб. Працавала прадавачкай у сетцы крамаў «Міла». Сям’я выхоўвала васьмігадовага сына Уладзіслава. У момант здарэння хлопчык быў у школе. Жонка Зельцара затрыманая па падазрэнні ў саўдзеле ў забойстве.
Андрэй быў сябрам «Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў». Паводле дадзеных «Белдзяржпалявання», апошні раз пошліну на права палявання Зельцар аплаціў 13 жніўня 2021 году.
ГГ, belsat.eu