У афіцыйнай статыстыцы Міністэрства аховы здароўя па ўсёй Беларусі выяўляюць не больш за 2000 новых выпадкаў за дзень. А ў «злітай» статыстыцы толькі ў Менску бывае ў паўтара разу больш.
Партал Zerkalo.io атрымаў ад менскага супрацоўніка сістэмы аховы здароўя дакумент, у якім сабраныя экстраныя спавяшчэнні аб станоўчых тэстах на COVID-19, зарэгістраваныя ў Цэнтры гігіены і эпідэміялогіі Менску. Звестак пра смяротнасць няма.
У дакуменце пазначаныя асабістыя звесткі пацыентаў, інфармацыя пра дыягназ і ўстанову, якая яго выставіла. Некалькі медыкаў з розных установаў пацвердзілі парталу сапраўднасць дакументу – пазначаныя пацыенты сапраўды мелі станоўчы тэст у іхных установах. Некалькі згаданых пацыентаў пацвердзілі выданню, што маюць станоўчы тэст.
Згодна атрыманаму дакументу, у Менску за адзін толькі дзень 7 кастрычніка было 3089 экстраных спавяшчэнняў пра 3076 пацыентаў з 83 клінік, лякарняў і медцэнтраў (пра некаторых пацыентаў спавяшчэнні прыходзілі паўторна).
«Zerkalo» сцвярджае, што, паводле звестак парталу, за перыяд з 29 верасня да 10 кастрычніка колькасць спавяшчэнняў пра каронавірус вагалася ад 859 (на выходных выяўляюць меней) да 3089 за 7 кастрычніка і 3049 за 8 кастрычніка. Гэтыя звесткі не супадаюць з афіцыйнымі, хоць сума новых выпадкаў за гэты перыяд амаль супадае (23 600 – з розніцай 43 выпадкі).
Партал дадае, што методыка падліку Міністэрства здароўя не раскрывалася – невядома, што ў іхнай тэрміналогіі значаць «зарэгістраваныя пацыенты». Магчыма, іх «рэгіструюць па-міністэрску» не ў той жа дзень, калі быў станоўчы тэст.
З дакументу за 7 кастрычніка складваецца такая карціна адносна пацыентаў, у якіх у Менску выявілі каронавірус:
АА belsat.eu